Абласное свята "Дажынкі"

6.9.2014

Нялёгка дастаецца хлеб, які родзіць для нас зямля-карміцелька. Бо ён з бяссоннем і трывогай за новы ўраджай, з потам і мазалямі нашых працаўнікоў.   Ніякае надвор’е не спыняе працу на полі.  Таму што з зямлёй у нас надзеі на жыццё, дабрабыт, шчасце. А хлеб – часцінка нашага жыцця. Хлебам-соллю нашы дзяды пачыналі зажынкі, з хлебам-соллю    выходзілі насустрач жаданым гасцям, хлебам-соллю ў час вяселля сустракаюць маладых…

Добрай традыцыяй у нашай рэспубліцы стала свята "Дажынкі", дзе краіна віншуе сваіх пераможцаў. Яно праводзіцца ў верасні, калі падведзены вынікі, узяты новыя рэкорды. Героі жніва – людзі, адданыя сваёй працы, роднай зямлі, хлебу.

У гэтым годзе абласное свята "Дажынкі" адбылося ў старажытным Пінску. Горад чакаў гасцей. Змяніўся, папрыгажэў, здаецца, нарадзіўся па-новаму.

І вось 6 верасня. У гэты дзень тысячы людзей прыехалі ў гасцінны горад, які сустракаў іх ласкавым сонейкам , прыветлівымі ўсмешкамі жыхароў. Свята доўжылася цэлы дзень. Гучала музыка, віншаванні пераможцам. А ў канцы свята – салют, як вынік таго, што свята скончылася, наперадзе – праца, перажыванні, надзеі…

Наша школа таксама прыняла ўдзел у Дажынках. Дэлегацыя Драгічынскага раёна па дарозе на свята завітала да нас. Урачыстая сустрэча з караваем і музыкай, гутарка з пераможцамі жніва пакінулі ў нашых сэрцах добры след.

                На фотаздымках – хвіліны сустрэчы ў школе.

  

 


 

 Якубчык Ірына, Шчур Кірыл,

 удзельнікі гуртка “Школа журналістаў”