“Гавары са мной па-беларуску”

21.2.2014
21 лютага Дзень роднай мовы.
 
Сто гадоў шукай другой красы,
А тым больш, што свет зусім не вузкі.
Ды калі ты не бязродны сын,
Гавары са мной па-беларску.

Гэтыя радкі нашай знакамітай зямлячкі Яўгеніі Янішчыц сталі эпіграфам да ўсіх мерапрыемстваў, якія праходзілі ў нашай школе ў гэты дзень. Тэматыка іх была самай разнастайнай. Вучні 5-6-х класаў актыўна ўдзельнічалі ў літаратурнай віктарыне.

Вучні 7-9-х класаў правялі завочны экскурс “Падарожжа ў родную мову”, дзе даведаліся пра жыццё продкаў, пачынаючы ад далёкага мінулага да сучаснасці. Песні і казкі, легенды і паданні, прыказкі і прыкметы надвор’я, жарты, загадкі… Колькі ў іх глыбокай мудрасці і паэзіі, колькі святла душы тых, хто іх ствараў. І ўсё гэта – гісторыя нашага краю.

А для вучняў 10-11 класаў правялі інтэлектуальную гульню “Разумнікі і разумніцы”. Вось тут вучні паказвалі тыя веды, якія атрымалі на працягу вучобы. Бо яны разумелі, што мова – душа народа. Няма мовы – няма суцяшэння ў горы, няма слоў радасці. Таму старшакласнікі з вялікім задавальненнем шукалі адказы на пытанні, адначасова даведваліся пра новыя таямніцы мовы.

І закончыць свой аповед мне хочацца словамі Ніла Гілевіча

Я – беларус, і я шчаслівы,
Што маці мову мне дала,
Што родных песень пералівы
І зблізку чую, і здаля.
 
Ірына Якубчык,
вучаніца 10 класа