Родная мова, гучы!!!

22.02.2020

Ужо стала традыцыяй у нашай рускамоўнай школе штогод 21 лютага, у Дзень роднай мовы, не толькі праводзіць розныя мерапрыемствы, але і гутарыць паміж сабой на перапынках на беларускай мове. Гэты год не стаў выключэннем. Вось ужо цэлы тыдзень навучэнцы школы з’яўляюцца актыўнымі носьбітамі беларускага слова, бо ўсе добра разумеюць, што  гонар і абавязак кожнага з нас – шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю.

Падчас Дэкады беларускай мовы і літаратуры родная мова загучала на поўную моц. А 21 лютага на класных гадзінах ладзіліся конкурсы чытальнікаў беларускай паэзіі, праводзіліся віктарыны. А васьмікласнікі спаборнічалі ў інтэлектуальным турніры “Родная мова, гучы”. Удзельнікам давялося праявіць веды па фразеалогіі і лексіцы, пабыць этнографамі і перакладчыкамі, літаратуразнаўцамі і фалькларыстамі.

Лепшымі знаўцамі роднага слова стала каманда 8 “А” з вынікам 20 балаў, на другім месцы навучэнцы 8 “В” класа – 14,5 бала. Адзінаццаць балаў змагла набраць каманда 8”Б” класа. Усе прысутныя і ўдзельнікі гульні пагадзіліся, што ведаць, шанаваць родную беларускую мову – вось тое, што павінен рабіць кожны сумленны беларус.

 

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры: Н.В. Гулевіч, М.І. Лычык, Г.І. Нарывончык