Наша спадчына

28.02.2020

Магутнае слова, ты, роднае слова!

Са мной ты на яве і ў сне; 

Душу мне затрэсла пагудкаю новай,

Ты песень наўчыла мяне.

Якуб Колас

Пад такім дэвізам з 17 па 27 лютага ў нашай установе адукацыі праходзіла дэкада роднай мовы.

Кожны дзень арганізатары напоўнілі цікавымі падзеямі і мерапрыемствамі, каб яны, з аднаго боку, не заміналі напружанаму навучальнаму працэсу, а з другога – былі змястоўнымі, карыснымі і даступнымі для тых, хто цікавіцца роднай мовай і культурай, каб родная мова гучала на поўную моц, а вучні школы сталі актыўнымі носьбітамі беларускага слова, бо ўсе яны добра разумеюць, што гонар і абавязак кожнага з нас – шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю.

18.02.2020 г. літаральна ўсіх захапіла інтэлектуальная гульня “Знаўцы роднай мовы”, якая пачалася літаратурнай хвілінкай “Залацінкі роднай мовы”. З вялікім задавальненнем вучні пад кіраўніцтвам М.М.Лычык спаборнічалі ў шматлікіх літаратурных конкурсах і гульнях, пашыраючы свой літаратурны і агульны кругагляд.

Найбольшую цікавасць 19 лютага ў вучняў выклікаў конкурс малюнкаў «Па старонках любімых твораў”. Многія вучні праявілі не толькі добрае веданне твораў беларускай літаратуры, але і свае мастацкія здольнасці. Усё ж лепшымі адзінагалосна былі прызнаны малюнкі Суворава Аляксандра (7 “Б” кл.) да апавядання Змітрака Бядулі “На Каляды к сыну” і Меккі Дар’і (8 “Б” кл.) да верша Н. Гілевіча “Бяроза з лістом”. Больш за ўсё малюнкаў было прдстаўлена вучаніцамі 5 “Б” кл. Казак Анастасіяй і Тарасавай Дамінікай.

 Каб абудзіць цікавасць да роднай мовы, штогод для навучэнцаў краіны праводзіцца рэспубліканская гульня-конкурс “Буслік”. Гэты год не стаў выключэннем. 20.02. шэсцьдзясят навучэнцаў школы 3-11 классаў прынялі ўдзел конкурсе “Буслік -2020”.

У гэты ж дзень у рамках дэкады для дзевяцікласнікаў пад кіраўніцтвам Нарывончык Г.І. быў прадэманстраваны інфармацыйны часопіс “Вобразная, вольная, пявучая”. Мэтай мерапрыемства было актуалізаваць і пашырыць веды пра гісторыю роднай мовы, аб гісторыка-культурнай спадчыне і сучасных дасягненнях Беларусі, выхаваць пачуццё гонару і павагі да матчынай мовы, нацыянальных традыцый, звычаяў, культуры. Дзевяцікласнікі праявілі высокую зацікаўленасць і актыўнасць, далі станоўчыя водгукі аб правядзенні часопіса.

 

Ужо стала традыцыяй у нашай рускамоўнай школе штогод 21 лютага, у Дзень роднай мовы, не толькі праводзіць розныя мерапрыемствы, але і гутарыць паміж сабой на перапынках на беларускай мове. У гэты дзень на класных гадзінах ладзіліся конкурсы чытальнікаў беларускай паэзіі, праводзіліся віктарыны.

А васьмікласнікі спаборнічалі ў інтэлектуальным турніры “Родная мова, гучы”. Удзельнікам давялося праявіць веды па фразеалогіі і лексіцы, пабыць этнографамі і перакладчыкамі, літаратуразнаўцамі і фалькларыстамі.

Лепшымі знаўцамі роднага слова стала каманда 8 “А” з вынікам 20 балаў, на другім месцы навучэнцы 8 “В” класа – 14,5 бала. Адзінаццаць балаў змагла набраць каманда 8”Б” класа. Усе прысутныя і ўдзельнікі гульні пагадзіліся, што ведаць, шанаваць родную беларускую мову – вось тое, што павінен рабіць кожны сумленны беларус.

 

У гонар юбіляра Рыгора Барадуліна, якому 24.02 .2020 споўнілася б 85 гадоў для навучэнцаў 8-9 класаў была наладжана літаратурная кампазіцыя “Сын ушацкай зямлі”, у ходзе якой прысутныя мелі магчымасць шырэй пазнаёміцца з літаратурнай спадчынай паэта. Яны былі не толькі пасіўнымі слухачамі, але і актыўнымі чытальнікамі яго творчасці. Найбольшую цікавасць падчас вечарыны выклікалі ўрыўкі з аўтабіяграфіі Рыгора Барадуліна, унікальныя фотаздымкі, шматлікія  лісты ад сяброў і пісьменнікаў, а таксама аўтографы.

А для тых, хто адчувае ў сабе паэтычны дар, хто любіць ствараць уласныя творы 25.02 быў праведзены літаратурны конкурс “Дэбют – 2020”. Кожны жадаючы мог прадставіць на суд іншых свой паэтычны дар. Адбылося сапраўднае свята, са сцэны гучалі шматлікія вершы і замалёўкі, прысвечаныя роднай зямлі, прыродзе, а таксама сваёй матулі.

Лепшымі былі прызнаны верш “Калыханка бусліку” Новак Ганны 6 “Б”кл., верш “Скажы, матуля, колькі трэба” Сачкоўскай Марыі 7 “А” кл. і верш “Будзеш ты шчаслівы” Крэмко Альбіны 8 “В”кл. Творы гэтых вучняў будуць дасланы на раённы конкурс “Дэбют – 2020”

 26.02. усіх жадаючых запрасілі на інтэлектуальна-пазнавальную гульню “Век жыві – і век вучыся”, якая была наладжана пад кіраўніцтвам Гулевіч Н.В. У спаборніцтве прынялі ўдзел тры каманды: ”Званочкі”, “Каласочкі” і “Васілёчкі. Канкурсантам давялося лагічна мысліць, праявіць назапашаныя веды, каб зарабіць найбольшую колькасць жэтонаў. Найвышэйшы вынік змаглі атрымаць “Каласочкі”- 16 жэтонаў, “Званочкі” – 14, і “Васілёчкі” – 11жэтонаў. Прысутныя на працягу гульні апладысментамі падтрымлівалі ўдзельнікаў. Пераможцаў узнагародзілі медалямі і апладысментамі.

27 лютага адбылося святочнае закрыццё дэкады.

Спадзяёмся, што мерапрыемствы, якія былі  прысвечаны нашай любай беларускай мове, нікога не пакінулі раўнадушнымі. Упэўнены, што мы, настаўнікі, разам з нашымі вучнямі змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што павінна жыць у сэрцы кожнага беларуса – трэба ганарыцца сваёй мовай, ведаць, любіць і шанаваць роднае слова.

Дзякуем ад усяго сэрца ўсім удзельнікам дэкады роднай мовы!

 

Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры:

Н.В.Гулевіч, М.І. Лычык і Г.І. Нарывончык