Роднае слова, гучы

22.02.2021

Ужо стала традыцыяй у нашай рускамоўнай школе штогод у Дзень роднай мовы праводзіць розныя мерапрыемствы з мэтай развіцця цікавасці да новых ведаў пра родную мову, выхавання любові да Радзімы, пачуцця гонару за свой народ.

Не стаў выключэннем і гэты год. Мерапрыемствы былі змястоўнымі, карыснымі і даступнымі для тых, хто цікавіцца роднай мовай і культурай.

Усе яны прайшлі пад дэвізам

Сто гадоў шукай другой красы,

А тым больш, што свет зусім не вузкі.

Ды калі ты не бязродны сын,

Гавары са мной па-беларуску.

                                                              Яўгенія Янішчыц

Родная мова загучала на поўную моц яшчэ напярэдадні свята падчас правядзення конкурсу “Азбука пачуццяў” ў рамках праекту Script.Art.by  ў намінацыі “Я адчуваю свет”.

Вучні старэйшых класаў сталі актыўнымі носьбітамі беларускага слова, бо ўсе яны добра разумеюць, што гонар і абавязак кожнага з нас – шанаваць родную мову, садзейнічаць яе развіццю.

Для тых, хто адчувае ў сабе паэтычны дар, хто любіць ствараць уласныя творы быў праведзены літаратурны конкурс “Дэбют – 2021”. Кожны жадаючы мог прадставіць на суд іншых свой паэтычны дар. Адбылося сапраўднае свята: гучалі шматлікія вершы і замалёўкі, прысвечаныя роднай зямлі, прыродзе, а таксама сваёй матулі.

Пераможцы атрымалі Дыпломы і Лісты Падзякі.

Прысутныя пажадалі, каб родная беларуская мова гучала заўсёды з нашых вуснаў, каб яна заставалася такой жа мілагучнай і каб яе пачулі нашы нашчадкі.

            Н.В.Гулевіч, настаўнік беларускай мовы і літаратуры