Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова!”

24.09.2022

Мэты: фарміраванне ў вучняў цікавасці да прадметаў “Беларуская мова”, “Беларуская літаратура”, сістэматызацыя і пашырэнне ведаў, атрыманых на ўроках беларускай мовы і літаратуры; выхаванне пачуцця патрыятызму, гонару за свой народ, цікавасці да яго мінулага, узбагачэнне слоўнікавага запасу вучняў.

У перыяд з 19.09. па 23.09. 2022 г. ва ўстанове адукацыі праводзіўся Тыдзень роднай мовы “Як ты дорага мне, мая родная мова”, у межах якога былі праведзены цікавыя мерапрыемствы.  Запланаваныя  мерапрыемствы  разнастайныя па форме і змесце, адаптаваныя да ўзросту і магчымасцяў навучэнцаў.

Пачатак прадметнага Тыдня быў адзначаны ўрачыстым адкрыццём. Вельмі прыемна, што ў гэты дзень вучні і настаўнікі школы падтрымалі акцыю Размаўляй са мной па-беларуску”.  Затым вучні стварылі воблака слоў “Маё любімае слова па-беларуску”.

У гэты ж дзень адбылася творчая сустрэча жыхароў аграгарадка з паэтамі Піншчыны, якія ўваходзяць у літаратурнае аб’яднанне “Пінчукі”. На ёй прысутнічалі і вучні 10 класа, якія з вялікай зацікаўленасцю слухалі выступленні паэтаў. Сустрэча выдалася цікавай і пазнавальнай.  Яна аб’яднала і людзей сталага веку, і маладое пакаленне, паказала, што  самыя глухія куточкі нашай Радзімы багата на таленты.

Родная мова беражліва захоўвае мудрасць стагоддзяў і памяць тысячагоддзяў. У ёй — неабсяжная душа народа, веліч яго подзвігу. Яна пуцяводная нітка да вышынь сусветнай культуры, да святла ведаў. У гэтым вучні 7 класа пераканаліся ў аўторак, прыняўшы ўдзел у гульні “Залацінкі народнай мудрасці”.

Трэці дзень роднай мовы прайшоў пад назвай “Я нарадзіўся ў Беларусі  і так, як маці, гавару”.  Актыўнымі ўдзельнікамі ў гэты дзень сталі вучні 5 класа, якія прынялі ўдзел у гульні “Наша Радзіма – Беларусь”.  На працягу падарожжа па Беларусі вучні любаваліся прыгожымі, дзівоснымі беларускімі краявідамі, слухалі песні, што спявае родная зямля, а таксама даведаліся шмат новага і цікавага.  А вучні старэйшых класаў ўдзельнічалі ў конкурсе творчых  пісьмовых работ “За што я люблю родную зямлю”.  Хацелася б адзначыць сачыненні Багдановіч Валерыі і Калаур Ганны, вучаніц 11 класа, а таксама Касцечка Ксеніі і Носка Ангеліны, вучаніц 7 класа. 

Наступны дзень прайшоў пад назвай “Родная мова – бестэрміновы пашпарт пісьменніка”.  Вучні разам з настаўнікамі наладзілі выставу творчасці “Пад небам сінім”, прысвечаную 140-годдзю з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі “Янкі Купалы і Якуба Коласа”.  А вучні 11 класа свае веды змаглі праверыць у віктарыне  “Подых сівых стагоддзяў”.

Родная мова — гэта характар ​​народа, яго памяць, гісторыя, духоўная магутнасць. У ёй адлюстроўваецца звычаі і традыцыі народа, побыт, розум, вопыт і гэтак далей. Толькі родная мова можа падняць чалавека з яго здольнасцямі. Завяршыўся прадметны Тыдзень праглядам відэаролікаў “Беларуская хата”, “Беларуская кухня”, у час якога вучні дакранулісяда побыту і культуры продкаў, беларускіх народных традыцый, звычаяў.

Усе мерапрыемствы праведзены на дастаткова высокім узроўні. Настаўнікі з усёй адказнасцю падышлі да правядзення прадметнага Тыдня, таму і прайшоў ён вельмі цікава і пазнавальна, не толькі для вучняў, але  і для саміх настаўнікаў. Мэты і задачы, якія былі вызначаны ў рамках прадметнага Тыдня дасягнуты.